“Фэст экскурсаводаў 2016” адбыўся!

У гэтым годзе “Фэст” ахапіў 34 гарады і вёскі Беларусі. За 2 дні 23 і 24 красавіка прайшло 186 экскурсій па ўсёй краіне і яшчэ 6 - за мяжой (у Вільні і Маскве).

Найбольш экскурсій традыцыйна адбылося ў Мінску. У гэтыя не самыя цёплыя красавіцкія выходныя у сталіцы прайшло 104 экскурсіі самай рознай накіраванасці, працягласці і формы, на якіх пабывала каля 3200 наведвальнікаў. Далучылася да “Фэста” 63 экскусавода і краязнаўца, 10 храмаў горада, 6 музеяў, 2 гімназіі, 2 універсітэта, бібліятэка і адна каманда па амерыканскім футболе.

Палітра экскурсій, як заўсёды, была вельмі стракатая: архітэктурныя, мастацкія, урбаністрычныя, роварныя, дзіцячыя, спартовыя, прыродазнаўчыя, біяграфічныя. Былі экскурсіі традыцыйныя і абсалютна новыя, ад вопытных гідаў і ад тых, хто толькі пачынае свой шлях у экскурсійнай сферы.

У рэгіёнах адбылося ў суме 82 экскурсіі, на якія прыйшло каля 1200 наведвальнікаў. Найбольш - у Віцебскай і Гродзенскай абласцях. У саміх абласных цэнтрах ужо традыцыйна фармуюцца самастойныя экскурсійныя праграмы з 5-10 і нават 12 (Віцебск!) маршрутаў. Прычым рэгіёны не адстаюць і ў  фарматах – былі роварныя, дзіцячыя, бібліятэчныя, джыпавыя, квэставыя экскурсіі.

У гэтым годзе мы ўпершыню ўвялі сістэму онлайн-браніравання экскурсій. Звязана гэта было з неабходнасцю ўнармаваць колькасць наведвальнікаў на экскурсіях (у першую чаргу ў Мінску). Агулам вынікі атрымаліся досыць пазітыўныя. Экскурсіі прайшлі больш камфортна, чым у мінулым годзе, у нас была магчымасць наладзіць адваротную сувязь з экскурсантамі. Аднак з-за таго, што рабілі гэта першы раз, з нашага боку было некалькі памылак, за якія просім прабачэння ў тых, хто не змог знайсці своечасова сваю экскурсію.

Дзякуючы ініцыятыве валанцёраў і Нацыянальнага агенцтва па турызме, якое ў гэтым годзе выступіла суарганізатарам “Фэста”, некалькі груп дзяцей з розных дзіцячых дамоў Мінскай вобласці змаглі патрапіць на бясплатныя экскурсіі ў мінскі заапарк і лялечны тэатр. З трансферам бясплатна дапамаглі фірмы “Аутаспартак”, “Бескона”, “Вестлайнер”.

Актыўна далучыліся да “Фэста” турыстычныя фірмы і ініцыятывы: “Заходні тракт”, “Коларлэнд”, “Зялёная каманда”, “Каралеўская асамблея Сула”, майстэрня роварных падарожжаў "Менскі велашпацыр", праект “Вандроўкі ў мінулае”. А турыстычная фірма “Віаполь” выставіла ў гэтым годзе ажно 6! экскурсій па ўсёй Беларусі.

Арганізоўваць “Фэст” дапамагала больш за 30 валанцёраў па ўсёй краіне. Яны дамаўляліся пра экскурсіі ў рэгіёнах, напаўнялі спісы на сайце, моклі пад дажджом на маршрутах, лічылі, рабілі фотаздымкі і шмат чаго яшчэ. На выніковай вечарыне для нас ласкава пагадзіліся выступіць бард Міхаіл Бараноўскі і гурт U.G.OSLAVIA.

Асабліва хацелася б адзначыць “Клуб экскурсаводаў” Інтытута Турызма БДУФК, сябры якога правялі на Фэсце ажно 8 экскурсій і моцна дапамаглі ў падрыхтоўцы.

Арганізатарамі “Фэста” у гэтым годзе выступілі ГА “Беларускі камітэт ICOMOS”, ГА “Аб’яднанне экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў”, сайт GUIDES.BY, ДУ “Нацыянальнае агенцтва па турызму”. Упершыню ў гэтым годзе мерапрыемства прайшло пад патранажам Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЭСКА ў Беларусі.

 

Дзякуй усіх ВАМ! Гэта вялікае і важнае мерапрыемства адбылося толькі дзякуючы супольным  высілкам такой вялікай колькасці людзей! Па-іншаму і быць не можа.