Экскурсаводы, краязнаўцы і прадстаўнікі турбізнэса!

 Мы пачынаем прыём заявак на ўдзел у “Фэсце экскурсаводаў - 2016”.

Прайшоў год, і мы спадзяемся, што ў вас узніклі новыя ідэі па новых маршрутах, з’явіліся цікавыя факты па старых і не згасла жаданне дзяліцца радасцю сваіх адкрыццяў з суседзямі па раёне і горадзе.

 

У гэтым годзе мы разлічваем падыйсці да “Фэста” яшчэ больш маштабна: у нас пашырылася каманда арганізатараў, мы правялі невялікі рэбрэндынг лагатыпаў, прыдумалі новыя цікавыя формы “ажыўлення” экскурсій, і нас зноў падтрымлівае Міністэрства спорта і турызма.

 

Але фармат Фэста застаецца класічны – бясплатныя экскурсіі для ўсіх жадаючых па вуліцах, тэмах, асобах, вобразах і ландшафтах.

 

“Фэст экскурсаводаў” пройдзе ў гэтым годзе 23-24 красавіка.

 

У гэтым годзе ёсць шмат цудоўных юбілеяў, якія чакаюць сваіх праваднікоў: 75-годдзе Уладзіміра Мулявіна, 95-годдзе Івана  Мележа і Івана Шамякіна; юбілеі Камянца, Мастоў і Дрысы; 435-годдзе Полацкага калегума і 385-годдзе “Буквара” Спірыдона Собаля. Дый ці мала яшчэ чаго.

 

А таксама міжнародны камітэт ICOMOS, які кожны год прысвячае нейкаму тыпу архітэктурных помнікаў,   абвесціў 2016 годам помнікаў Спорта! Ці не праўда, добры выклік у Год Культуры пашукаць у Беларусі гістарычныя помнікі, звязаныя са спортам!

 

Шаноўныя экскурсаводы і краязнаўцы!

Чакаем ад вас заяўкі на правядзенне экскурсій. Яны можа быць пешаходнай, на веласіпедзе, байдарцы, аўтамабілі і адбывацца ў любым кутку нашай краіны. Выберыце зручны для вас час 23 ці 24 красавіка, месца збору групы, напішыце назву экскурсіі і кароткую анатацыю і дасылайце нам на e-mail.

Асабліва чакаем заяўкі з рэгіёнаў! Віцебск, Слонім, Драгічын, Парыж - дакажыце, ці вам ёсць пра што расказаць у сваіх мясцінах!

 

Мы чакаем не толькі вопытных майстроў экскурсійнай справы, але і пачаткоўцаў. Менавіта ў межах “Фэста” вы можаце зрабіць свой першы крок у прафесію! Мы дапаможам. Пішыце.

 

Традыцыйна запрашаем турфірмы і іншыя зацікаўленыя ўстановы звязвацца з намі. Вы можаце паставіць у расклад сваю экскурсію ці падтрымаць ужо запланаваную. Давайце разам прыдумляць новыя формы і цікавыя праяўленні нашай справы.

 

Ну, і радыя бачыць усіх ахвочых у коле вялікай арганізацыйнай каманды! Хто хоча паспрабаваць свае сілы, пішыце.

 

Старонка заявак: http://guides.by/fest/anketa

 

Арганізатары:

ГА “Беларускі камітэт ICOMOS”;

ГА “Беларускае аб’яднанне экскурсаводаў і гідаў перакладчыкаў”;

Сайт GUIDES.BY.