Бясплатныя і незвычайныя экскурсіі! “Фэст экскурсаводаў-2016” пройдзе па ўсёй Беларусі.

Фестывалю бясплатных і незвычайных экскурсій у Беларусі быць! Пра гэта распавялі арганізатары “Фэста экскурсаводаў-2016”

У 2016 годзе фестываль пройдзе ў якасна новым фармаце, арганізатары абяцаюць большы тэрытарыяльны ахоп, а таксама мноства сюрпрызаў і для экскурсаводаў, і для будучых экскурсантаў. Даты правядзення ўжо вядомыя. Галоўны фестываль экскурсаводаў адбудзецца ў выходныя 23 – 24 красавіка 2016 года.

Зараз вырашаюцца арганізацыйныя пытанні. Але ўжо вядома, што толькі ў Мінску падчас Фэста пройдзе не меньш за 100 бясплатных экскурсій.

Аргкамітэт ужо сфарміраваны. У яго склад увайшлі:

Грамадская арганізацыя “Беларускі камітэт ICOMOS”
Грамадская арганізацыя “Беларускае аб’яднанне экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў”
Спецыялізаваны онлайн-праект па экскурсіях і гідах Беларусі “Guides.by”
Рэкламная агенцыя “Медыя ІВІ”

 

У 2016 годзе  фестываль падтрымае Міністэрства спорту і турызму Беларусі.

Падчас бясплатных экскурсій арганізатары ставяць мэту зацікавіць мясцовых жыхароў лакальнай гісторыяй іх малой радзімы.

Якім будзе “Фэст экскурсаводаў-2016”? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да арганізатараў:

Цімафей Акудовіч, экскурсавод, ідэйны натхняльнік і ініцыятар правядзення “Фэста экскурсаводаў”: “Фэст адбудзецца ў гэтым годзе ўжо ў сёмы раз. Мы маем дастаткова досведу і гатовыя пашыраць фестываль. У тым ліку – і тэрытарыяльна. Будзем спадзявацца, што менавіта ў 2016 годзе бясплатныя і цікавыя экскурсіі ў межах Фэста пройдуць не толькі ў вялікіх гарадах, але закрануць і беларускія мястэчкі, і нават вёскі. І ўжо зараз мы можам казаць, што будзе больш экскурсій на аўтамабілях, роварах, паспрабуем зрабіць цікавыя прапановы для дзетак.”

Яўген Апанасевіч, экскурсавод, намеснік дырэктара кампаніі “Беларустурыст”: “Фэст экскурсаводаў неабходны. Людзі мусяць ведаць  сваю гісторыю і гісторыю тых месцаў, дзе жывуць. Фестываль – гэта яшчэ і значны крок на шляху развіцця ўнутранага турызму. Рыхтуем шмат прыемных сюрпрызаў, але пра іх распавядзём крышку пазней.”

Віктар Камягін, кіраўнік праекту “Guides.by”: “У гэтым годзе было вырашана падчас Фэсту правесці і адукацыйную праграму для экскурсаводаў. Зараз рана казаць пра падрабязнасці, але магу сказаць, што ў Мінску пройдуць мерапрыемствы для супольнасці беларускіх экскурсаводаў па абмену досведам з прафесіяналамі з іншых краінаў. Апроч таго, у гэтым годзе ў экскурсаводаў з’явіцца свая онлайн-пляцоўка на базе праекту “Guides.by”, каб яны маглі кантактаваць і абменьвацца інфармацыяй. Гэта важна для камунікацыі экскурсаводаў з розных гарадоў і рэгіёнаў Беларусі. Праблемы ёсць і будуць заўсёды, і стварэнне такога рэсурса дазволіць вырашаць іх сумесна. Адкрыццё такой пляцоўкі мы акурат і прымяркуем да Фэста экскурсаводаў, і, безумоўна, на ёй будзем аператыўна паведамляць усе навіны пра працэс падрыхтоўкі і арганізацыі мерапрыемства.”

Фэст экскурсаводаў у Беларусі будзе, як і ў мінулыя гады, прымеркаваны да Міжнароднага дня аховы помнікаў і мясцінаў.

Інфармацыйныя партнёры Фэсту экскурсаводаў:

Партал падарожжаў “TRAVELING.BY”

Па пытаннях супрацоўніцтва і  партнёрства пішыце на fest@guides.by.

Калі Вы – экскурсавод і жадаеце ўзяць удзел у Фэсце, калі ласка, запоўніце анкету:

Даслаць заяўку на правядзенне экскурсіі