Бясплатныя экскурсіі ў Мінску: куды пайсці на гэтых выходных

Наперадзе – вялікія выходныя і было б памылкай прасядзець усе чатыры дні дома. Запрашаем вас далучыцца да Фэста экскурсаводаў, у рамках якога толькі па Мінску пройдзе амаль што 70 экскурсій.

 

Так, толькі па раёну Трактарнага завода ў Мінску пройдзе адразу дзве экскурсіі:

 

Пасёлак Трактарнага завода

Раман Абрамчук, Дзяніс Усенка

18 красавіка, 9.30, выхад са станцыі метро “Трактарны завод” ў бок прахадной МТЗ

 

Экскурсія па пасёлку Трактарнага завода ад Рамана Абрамчука вельмі цікавая. Перад вамі разгарнецца  гісторыя паваеннага аднаўлення горада ў маленькай атмасфернай прасторы вулак Трактарнага. А ў межах Фэста было вырашана правесці гэтую экскурсію яшчэ і ў незвычайным фармаце. Так, падчас экскурсіі прафесійны фатограф Дзяніс Усенка будзе праводзіць фота майстар-клас для пачаткоўцаў. Спадзяемся, што пасля экскурсіі раён Трактарнага завода, які знаходзіцца сёння пад пагрозай знішчэння, застаннецца не толькі ў памяці экскурсантаў, але  і на іх прыгожых фотаздымках!

 

 

Культурныя загадкі Трактарагорада

Віктар Жыбуль

19 красавіка, 14.00, выхад са станцыі метро “Трактарны завод” насупраць ДК “МТЗ”

 

Калі і з чаго пачыналася будаўніцтва пасёлка Мінскага трактарнага завода? Ці можна пазнаць месцы паводле апісання 65-гадовай даўніны? У якіх літаратурных і мастацкіх творах адлюстраваны Трактарагорад? Дэкарацыяй для якіх фільмаў ён стаў? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні можна даведацца, пабываўшы на экскурсіі "Культурныя загадкі Трактарагорада”! Праводзіць экскурсію жыхар мікрараёна, паэт -  Віктар Жыбуль.

 

Кола вакол Каломенскай

Таццяна Шчытова

18 красавіка, 16.00, збор на рагу Свярдлова і Ульянаўскай. У скверы каля фантана

 

Экскурсія прысвечана цікаваму кутку Мінска - Ляхаўцы. Тут як у кніжцы па гісторыі захаваліся адбіткі розных эпох нашага горада - вуліцы драўлянай забудовы, цагляныя прадыпрыемствы пач. ХХ ст., будынкі міжваеннага перыяда, помнікі падзеям Другой сусветнай вайны. І шмат яшчэ чаго цікавага. Не прапусціце!

 

Экскурсія ў касцёл Святога Роха (Найсвяцейшай Троіцы)

Праводзіць прадстаўнік царквы, запіс па тэлефоне +37529295629168 Віялета

 

Экскурсія ў касцел Святога Роха праводзіцца ўпершыню ў межах Фэста экскурсаводаў. Таму не прапусціце! Святыня на Залатой Горцы чакае вас!

 

За галасамі птушак

Супрацоўнік ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Руслан Шайкін

18 красавіка, 10.00, запіс па тэлефонах +375 29 223 06 13, +375 29 101 68 87 з 9.00 да 18.00

 

Экскурсія адбудзецца ў адным з самых маляўнічых паркаў горада, славутым і сваім птушыным светам. Падчас экскурсіі мы адкрыем дзверы ў таямнічы крылаты свет, навучымся адрозніваць па галасах, а калі пашанцуе, то і пабачым, не толькі птушак парка, але і птушку 2015 года ў Беларусі - вушатую саву! Дасведчаны арнітолаг падзеліцца сакрэтамі птушыных назіранняў і адкажа на ўсе пытанні. З сабой пажадана мець біноклі!


Вяснянка

Сяржук Герасімовіч

18 красавіка, 10.00, каля аўтобуснагя прыпынку “Радужная”

 

Сёння мікрараён Вяснянка з першага погляду можа падацца самым звычайным спальным раёнам, без прыцягальнай гісторыі ды сучасных цікавостак. У тым што гэта зусім не так вас пераканае экскурсавод, краязнавец Сяржук Герасімовіч. Святыні Вяснянкі сёння і іх незвычайная амаль 200-гадовая гісторыя. Блытаныя лёсы колішнік вёсачак Вяснянкі і Вяснінкі. Багацце і таямніцы лесапаркаў мікрарёна. І гэта толькі невялікая частка таго, што можна будзе даведацца падчас захапляльнага шпацыру па Вяснянцы.


Экалагічная квэст-экскурсія па прыродных месцах і “зялёных” кропках Мінска

 Дзмітрый Васьковіч (Цэнтр экалагічных рашэнняў)

19 красавіка, 10.00, запіс па тэлефоне: +375 29 3653727 (Лізавета)

 

Фармат гэтай экскурсіі адрозніваецца ад традыцыйных. Кожны ўдзельнік уключаецца ў экскурсійную гульню і не толькі дазнаецца шмат цікавага падчас экскурсіі, але і самастойна спазнае сябе самога ў звыклым для яго Мінску. Пры гэтым, асноўная тэма экскурсіі-квэста – прырода! Не прапусціце гарадскі экалагічны квэст! Тым больш, што праводзіць экскурсію будзе супрацоўнік Цэнтра экалагічных рашэнняў Дзмітрый Васьковіч.


Дуброва Чапскага

Алесь Спіцын

18 красавіка, 14.00, каля галоўнага ўвахода гуманітарнага факультэта БДУ (вул.Курчатава)

 

Запрашаем вас разам з Алесем акунуцца ў свет вясновай прыроды, што абуджаецца ад зімовага сна. Хочаце паназіраць за нараджэннем новага жыцця кветак ды дрэў, абмераць адно з самых старых дрэваў сталіцы ўласнымі рукамі, папоўніць свой багаж ведаў па батаніцы? Усё гэта магчыма будзе выканаць падчас найпрыемнейшага праменада. Ну, і даведацца, ці бывалі ў гэтай дуброве графы Чапскія!


Творчасць Міхаіла Савіцкага ў сядзібным доме XVIII стагоддзя

Супрацоўнік "Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага"

18 красавіка, 16.00, каля ўвахода ў галерэю, пл.Свадобы, 15

 

Экскурсія па галерэі Савіцкага складаецца з двух частак. Першая частка ўключае знаёмства з гісторыяй будынка галерэі - помніка архітэктуры канца XVIII ст. і яго былымі гаспадарамі (гістарычныя інтэр'еры прадстаўлены на першым паверсе). Другая частка экскурсіі прысвечана жыццёваму і творчаму шляху героя Беларусі Міхаіла Андрэевіча Савіцкага. У экспазіцыі прадстаўлены работы мастака, а таксама адноўлены інтэр'еры майстэрні і працоўнага кабінета Міхаіла Савіцкага.


Уздоўж па Піцерскай

Таццяна Шчытова

19 красавіка, 10.00, каля кафэ “Росток” на Прывакзальнай плошчы

 

За час гадзіннай экскурсіі ў кампаніі экскурсавода Таццяны Шчытовай вы даведаецеся аб гісторыі Віленскага вакзала, пачуеце жахлівыя падрабязнасці Курлоўскага расстрэла і трагічных падзей паўстання 1863 года ў Мінску, дакранецеся да гісторыі мінскага цырка і Чырворнага касцёла… Цікавая і дынамічная экскурсія не дасць вам засумаваць!


Трасцянец

Сяргей Яўгенавіч Новікаў

19 красавіка, 12.00, на аўтобусным прыпынку “Ст.метро Магілёўская” на Партызанскім праспекце ў бок выезда з горада

 

Экскурсію па Трасцянцы праводзіць загадчык кафедры гісторыі, сусветнай культуры і турызму Сяргей Яўгенавіч Новікаў. Сяргей Яўгенавіч мае ўнікальную распрацаванаю экскурсію, якую ўжо некалькі гадоў праводзіць сваім студэнтам. Падчас Фэста экскурсію зможа наведаць любы жадаючы. Яшчэ адным пацверджаннем, што гісторыя Трасцянца вельмі грунтоўная, парадаксальная і кранальная з'ўляецца тое, што экскурсія цягнецца ажно 5 гадзін. Гэта з улікам даезду да Трасцянца. Можна быць упэўненымі, што, дзякуючы такім экскурсіям, мы будзем значна больш ведаць пра такую важную і трагічную старонку Вялікай Айчыннай вайны.


Сцежкамі Усходніх могілак

Аляксей Галіч

19 красавіка, 16.00, каля галоўнага ўваходу

 

Усходнія могілкі – некропаль, што захоўвае памяць пра самыя выбітныя імёны ў нашай гісторыі, літаратуры, музыцы, і ўвогуле ў жыцці Мінска і ўсёй Беларусі. Тут спачываюць тыя, пра каго ведаюць далёка за мяжой. Караткевіч, Быкаў, Мулявін, Машэраў. Бураўкін, Станюта… гэты шэраг можна працягваць бясконца. Як бясконцай мусіць быць памяць нашчадкаў пра гэтых выбітных беларусаў. Аляксей Галіч - прафесійны экскурсавод, паэт і бард - натхнёна і ўзнёсла распавядзе вам пра самыя цікавыя моманты выдатных біяграфій, а таксама безліч найцікавейшых гісторый з жыцця горада і мінчукоў.  На экскурсію пажадана ўзяць з сабой кветкі.


Вучыцца па-манастырску: каталіцкія адукацыйныя ўстановы Мінска XVIII – пач. XX ст.

Раіса Зянюк

19 красавіка, 16.00, аглядная пляцоўка каля сабора Святога Духа

 

Экскурсія аб тым, куды бацькі аддавалі сваіх дзяцей вучыцца 200 год таму; як настаўнікі-манахі біліся за вучняў, дзе і як вучыліся каталіцкія святары. А таксама аб тым, якой палітыцы павінны былі садзейнічаць выпускнікі вучылішча арганістаў . Добры для варыянт для сямейнай экскурсіі разам з дзецьмі-школьнікамі!

 

 

Минск на трамвае

Васкова Кацярына, Ворсла Ганна

18 красавіка, 18.00, запіс па тэлефоне: + 375 29 761 07 94 (Кірыла)

 

Што мы ўяўляем, пачуўшы слова “трамвай”? Захад сонца, напаўпусты вагон, рамантычная атмасфера і размераны грукат колаў. Усё гэта, а таксама шмат іншага чакае вас на экскурсіі “Минск на трамвае”! У вас ёсць магчымасць акунуцца ў гісторыю Мінска і Мінскага трамвая, атрымаць асалоду ад вясновага горада за вакном і даведацца шмат новага і цікавага. Запрашаем вас!

 

Новае жыцце старых кварталаў (Ракаўскае прадмесце)

Таццяна Гайдук

19 красавіка, 16.00, каля царквы Святых апосталаў Пятра і Паўла

 

Ракаўскае прадмесце пазнаёміць экскурсантаў з гісторыяй і сучаснасцю самай старой часткі нашага горада. Шпацыруючы, вы даведаецеся пра мінулае самых старых дамкоў, пра лёс незвычайных мінчан мінулага стагоддзя. Не абмінем увагай і чорную старонку прадмесця - Мінскае гета . 

 

Мінск. Найлепшы від на гэты горад — 10 стагоддзяў за 3 гадзіны

Віктар Корбут

18 красавіка, 12.00, каля Рэспубліканскага цэнтра фізічнай адукацыі і спорту, пр.Пераможцаў, 2

 

Разам з экскурсаводам і аўтарам кнігі «Минск. Лучший вид на этот город» вы ажыццявіце падарожжа на "машыне часу" з Менеска XI стагоддзя ў Мінск XXI стагоддзя з наведваннем сярэднявечнага замка, старажытных цэркваў, касцёлаў, сінагог і манастыроў. Пазнаёміцеся з усімі стылямі еўрапейскай архітэктуры, якія прадстаўлены ў Мінску, — ад готыкі да канструктывізму. Пабачыце рэзідэнцыі Прэзідэнта, Урада і Парламента Беларусі 1930-х гадоў і нашых дзён. Вы адчуеце дух горада мінулага стагоддзя і яшчэ больш ранніх эпох. Вы адкрыеце для сябе тыя рамантычныя куткі, якіх да гэтага часу не заўважалі ў цені гмахаў.

Поўны спіс экскурсій глядзіце тут.