Па Мінску не пешкі! Роварныя экскурсіі Фэста экскурсаводаў і не толькі

Экскурсіі Фэста экскурсаводаў 2015 па Мінску для тых, хто не ўяўляе свайго жыцця без ровара або не хоча хадзіць пешкі і мае жаданне выправіцца ў аўтобуснае падарожжа.

 

Лошыцкі парк

Экскурсавод Масанская Лізавета

18 красавіка, 16.00, запіс па тэлефоне +375 29 7584899 (Лізавета)

 

Лошыцкі парк мае даволі цікавую і багатую гісторыю. Упершыню ён узгадваецца ў XVI стагоддзі, калі тут з'явілася першая сядзіба. Гэта быў вялікі сядзібна­паркавы комплекс са сваімі жыхарамі, гісторыямі, радасцямі. Менавіта ў парку жыве самы вядомы прывід Мінска – Белая Панна (пані Ядвіга Любанская, жонка ўладальніка сядзібы Яўстаха Любанскага). Кажуць, што пані Ядвіга да гэтага часу з'яўляецца на алеях Лошыцкага парка апоўначы ў момант квітнення магноліі кобус. На экскурсіі вы разам з гідам пабачыце селішча Х стагоддзя, млын, ландшафтны амфітэатр, флігель, панскую сядзібу, руіны капліцы, бровар, рэшткі заручальнага дуба, які вырас з жолуда самога Ўсяслава Чарадзея, магнолію кобус, арэх. Аб усім гэтым вы даведаецеся падчас роварнай вандроўкі.

 

Па былых ваколіцах Менска 

Экскурсавод Лізавета Дубінчына

19 красавіка, 10.00, запіс па тэлефоне: +375 29 3653727 (Лізавета), экскурсія вучэбная

 

Запрашаем усіх актыўных гараджан праехацца па былых ваколіцах Менска з маладым і цікавым экскурсаводам. Мінск  хутка, проста вокамгненна развіваецца, ужо даўно і актыўна пашырае свае межы. Што было раней на месцы сучасных спальных раёнаў? Што цікавага можна паглядзець там зараз ? Даведаемся праехаўшыся ўздоўж новых станцый метро Міхалова - Пятроўшчына – Малінаўка.

 

 

Тры роварныя экскурсіі ў межах “Фэста экскурсаводаў” арганізаваныя велагідамі суполкі “Менскі велашпацыр”.

 

Le meilleur à Minsk: un rendez-vous cyclist romantique avec la Ville-sur-la-Niamiha (экскурсія на французскай мове)

Мінск. Лепшае: рамантычнае веласпатканне з Горадам-на-Нямізе

Экскурсавод Раман Абрамчук

18 красавіка, 13.00, запіс па тэлефоне: +375 29 7040018 (Раман)


La visite guidée à vélo à travers les sites les plus connus de la capitale du Bélarus
Le 18 Avril , 13-00, en français, la durée 2 h, la distance 9 km. 
La participation est gratuite, le nombre des participants est limité
téléphonez-nous pour vous inscrire +375297040018

 

 

Па слядах Ваньковічаў

Экскурсавод Валянціна Кароткіна

18 красавіка, 15.00, запіс па тэлефоне: +375 29 8969785 (Валянціна)

 

Велавандроўка па мясцінах шляхецкага роду Ваньковічаў. Куточкі Менска, якія памятаюць выдатных ваяводаў і суддзяў, скарбнікаў і маршалкаў, паэтаў і музыкаў. І канечне, слыннага мастака Валенція Ваньковіча! Дзе нараджаліся таленты сусветнага значэння і чым поўнілася жыццё гарадскіх сядзібаў ХІХ ст. - дазнаемся на экскурсіі.

 

 

Легенды і міфы мінскіх нефармалаў апошняй чвэрці ХХ стагоддзя: канон Дзмітрыя Строцава ("Беларускі клімат")

Экскурсавод Раман Абрамчук

18 красавіка, 19.57, запіс па тэлефоне: +375 29 7040018 (Раман)

 

 “… Аднаму мінскаму мастаку была зроблена пункцыя галаўнога мозга, у якім быў знойдзены старажытны трактат, дзе сцвярджалася, што сем кананічных і адзіннаццаць некананічных цудаў свету знаходзяцца ў Менску, назва якога паходзіць ад старажытнага волата, які аднойчы перапраўляўся цераз раку і пашкодзіў сабе меніск…”
“Гонкі” і “цялегі”, якія распавядалі адзін адному і сваім прыезджым гасцям удзельнікі арт-суполкі “Беларускі клімат” падчас сваіх шпацыраў па горадзе, з цягам часу склаліся ў цэльны сюрэалістычны экскурсійны маршрут, які тлумачыў гарадскую прастору, напаўняў яе новым, хай сабе і крыху вар’яцкім метафізічным сэнсам. Паэт Дзмітры Строцаў распавёў “Менскаму велашпацыру” гэтае сівое паданне, гарадскую таямніцу, у якую экскурсавод пасвяціць і вас, нашыя велагосці, у гэты цудны красавіцкі вечар.

 



 

Ля вытокаў Менска

Сяргей Васільевіч Тарасаў

19 красавіка, 10.00, запіс з 14.00 да 19.00 па тэлефоне: + 375 29 863 21 50 (Таццяна)

 

Адзіная аўтобусная экскурсія Фэста экскурсводаў-2015. Запрашаем адправіцца ў падарожжа да месца, дзе пачынаўся Менск. А суправаджаць у гэтай вандроўцы вас будзе жывая легенда – гісторык і археолаг Сяргей Васільевіч Тарасаў. Экскурсія “Ля вытокаў Менска” – гэта падарожжа па пачатковым Менску, гарадзішчы, вытоках гістарычнага горада. Вас чакае захапляльны шпацыр па валах, на якіх стваралі горад першыя менчукі! І расповяд пра тое, чаго яшчэ ніхто ніколі нікому не распавядаў!

 

Запрашаем усіх на Фэст экскурсаводаў - 2015. Поўны спіс экскурсій глядзіце тут.