Фэст экскурсаводаў у Брэсце: ад квэста да Брэста габрэйскага

Акрамя Мінска, дзе традыцыйна падчас Фэста экскурсаводаў праходзіць шмат экскурсій, актыўна прымаюць удзел у фестывалі і рэгіёны. Так, свой міні-фэст пройдзе 18-19 красавіка ў Брэсце. Ня будзем доўга хадзіць вакол ды поруч, а лепш раскажам пра экскурсіі, якія можна будзе наведаць у Брэсце.

 

 

Квэст-экскурсія “Ведай свой горад”

Арганізатар - Вольга Малафеечава.

На гэтай экскурсіі кожная каманда – самі сабе экскурсаводы! Галоўная задача адгадаць зашыфраваныя кропкі – гістарычныя мясціны Берасця, выканаць у кожнай з іх адпаведнае заданне і зрабіць гэта хутчэй за астатнія каманды. Фізічная актыўнасць і маральнае задавальненне гарантаваны!

 

Экскурсія “Каталіцкія могілкі Берасця”

Экскурсавод - Іван Чайчыц.

Берасцейцы называюць гэтае месца “польскія могілкі”. З XIX ст. тэрыторыя могілак значна скарацілася, але і дагэтуль тут можна пабачыць прыгожыя скульптурныя элементы. Адшукаць месцы пахавання польскіх лётчыкаў і танкістаў, а таксама паслухаць гісторыі з жыцця мясцовых палякаў нам дапаможа Іван Чайчыц.

 

 

Экскурсія “Невядомая Брэсцкая крэпасць”

Экскурсавод - Аляксандр Каркатадзэ.

Тэрыторыя Брэсцкай крэпасці займае 4 км2, што наўрадці магчыма ахапіць за адну экскурсію. Але гэтым разам мы перамесцімся са звыклай цытадэлі на Паўночнае ўмацаванне і зможам дакрануцца да аб’ектаў ваенна-інжэнернага мастацтва сусветнага значэння! Пашырым нашы веды пра гісторыю ўнікальнага памежнага ўмацавання !!! XIX ст.

 

Экскурсія “Вуліцамі габрэйскага Брэста”

Экскурсавод - Яўхім Басін.

Да першай сусветнай вайны больш за 50% насельніцтва Берасця складалі габрэі. Вядома: шматлікая яўрэйская забудова і сінагогі не захаваліся да нашага часу ці былі перабудаваны, таму іх цяжка пазнаць. Але экскурсія па вуліцы К.Маркса дазволіць нам па-іншаму зірнуць на дамы, дзе жылі габрэйскія сем’і, і даведацца пра іх лёс.

 

Арганізатар Фэста ў Брэсце – экскурсавод Вольга Малафеечава:

“Гэта будзе мой другі Фэст экскурсаводаў. Першы Фэст стаў для мяне штуршком паглыбіцца ў цікавую прафесію экскурсавода. За 2 гады разам з турыстамі мне пашчасціла пабываць у розных кутках Беларусі, але самы адказны момант – прымаць гасцей у сваім родным горадзе. Упэўнена, што сёлета ўдзельнікі Фэста даведаюцца пра новыя таямніцы, што хавае наш памежны горад!”

 

 

P.S. Экскурсаводы Брэста! Яшчэ ёсць шанец прыняць удзел у Фэсце экскурсаводаў 2015! Звязацца з Вольгай можна па наступных кантактах: +375 (29) 522-08-28, helgabrest2013@gmail.com.